Эбола Ebola

Ліхаманка Эбола

Ліхаманка Эбола – вострае віруснае высокакантагіёзнае інфекцыйнае захворванне з узроўнем смяротнасці да 90%.

Узбуджальнік ліхаманкі Эбола – РНК-геномны вірус роду Filovirus сямейства Filoviridae.

Вірус ліхаманкі Эбола быў знойдзены на тэрыторыі цяперашняй Дэмакратычнай Рэспублікі Конга ў 1976 годзе.

Захворванне пачынаецца з моцнай слабасці, галаўнога болю, боляў у горле, цягліцах, жываце, дыярэі. Пазней з’яўляецца сухі кашаль, болі ў грудной клетцы, развіваюцца прыкметы абязводжвання.

Вірус адключае здольнасць крыві да згортвання, у выніку пацыенты часта пакутуюць ад унутраных і знешніх крывацёкаў.

Часцей за ўсё захворваюць людзі ва ўзросце ад 15 да 59 гадоў, многія паміраюць на працягу 10 дзён.

Інкубацыйны перыяд

Інкубацыйны перыяд доўжыцца 21 дзень.

Перадача інфекцыі адбываецца пры прамым кантакце з крывёй і іншымі біялагічнымі вадкасцямі і тканінамі хворых, не выключаны аэразольны шлях інфікавання, а таксама перадача інфекцыі праз пераносчыкаў.

Уваходнымі варотамі інфекцыі з’яўляюцца слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і мікратраўмы скуры.

Успышка смяротнага віруса пачалася ў 2014 годзе зімой у Заходняй Афрыцы. Усяго з пачатку года ад ліхаманкі Эбола ў Сьера-Леонэ, Ліберыі і Гвінеі загінулі больш за 1000 чалавек. Небяспечнае захворванне было дыягнаставана больш як у 1,7 тыс. чалавек.

Па дадзеных СААЗ, у Гвінеі зарэгістравана 396 выпадкаў захворвання і 280 смерцяў, у Сьера-Леонэ 176 хворых і 46 смяротных зыходаў, у Ліберыі 63 хворых і 41 загінуўшых.

На дадзены момант хворыя ліхаманкай Эбола ёсць у ЗША, Кітаі і ў Іспаніі.

Заражэнне

Заражэнне людзей адбываецца пры доглядзе хворых, у бытавых умовах — праз рукі і прадметы ўжытку, забруджаныя біялагічнымі вадкасцямі хворага. Інфікаванне магчыма і палавым шляхам. Хвароба вельмі заразная і перадаецца праз кантакт з крывёй ці іншымі вадкасцямі інфікаваных людзей ці жывёл (грызуны, лятучыя мышы), не выключана роля і малпаў. Вельмі часта адбываецца заражэнне медыцынскіх работнікаў пры аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ліхаманкай Эбола.

Лячэнне і прафілактыка

Спецыфічныя сродкі для лячэння і прафілактыкі гэтай інфекцыі да гэтага часу ў свеце не распрацаваны!

Для прадухілення заражэння вірусам у краінах Афрыкі не варта кантактаваць блізка з мясцовымі жыхарамі, а таксама з малпамі і лятучымі мышамі.

Таксама рэкамендуецца ўстрымацца ад наведвання месцаў масавага збору людзей і кантактаў з хворымі людзьмі з высокай тэмпературай.

Усім асобам, якія прыбылі з краін Заходняй Афрыкі (Сьера-Леонэ, Гвінея, Ліберыя, Дэмакратычная рэспубліка Конга, Уганда, Паўднёвы Судан, Габон), рэкамендуецца звяртацца ў медыцынскія ўстановы для арганізацыі медыцынскага назірання па месцы жыхарства на працягу 21 дня.

Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. ДУ «Брэсцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» г. Брэст, 2014 год.

Выклікаць лекара да дому        8 (0162) 21-40-50