
Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, праводзіцца штогод у трэцюю нядзелю мая ў многіх краінах свету.
Першапачаткова гэты дзень быў названы International AIDS Candlelight Memorial (candlelight memorial – ceremony – мемарыяльная цырымонія запальвання свечак). У назве няма слова “ахвяры” – яно з’явілася з часам, як інтэрпрэтацыя назвы дня і страху перад новым захворваннем.
Шмат гадоў паміж вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) і смерцю стаяў знак роўнасці. Сёння, дзякуючы дасягненням сучаснай медыцыны, ВІЧ-інфекцыя стала хранічным захворваннем, якое паддаецца кантролю: антырэтравірусная тэрапія запавольвае развіццё ВІЧ-інфекцыі і дае людзям з ВІЧ магчымасць жыць паўнацэнным жыццём. На сённяшні дзень усе пацыенты з ВІЧ-інфекцыяй у нашай краіне атрымліваюць тэрапію бясплатна. Таму мы не гаворым “ахвяры”, у гэты дзень мы ўзгадваем людзей, якія памерлі ад СНІДу.
Згодна са статыстыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сёння на планеце жыве каля 40 мільёнаў людзей з ВІЧ-станоўчым статусам, з пачатку эпідэміі больш за 40 мільёнаў чалавек памерлі ад хвароб, звязаных з ВІЧ-інфекцыяй.
У Рэспубліцы Беларусь з дыягназам «ВІЧ-інфекцыя» пражываюць больш за 24 тысячы чалавек. Штогод у краіне рэгіструецца каля 2 тысяч новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Найбольшая колькасць новых выпадкаў у апошнія гады рэгіструецца сярод людзей ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў, пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ, які складае больш за 80%.
Асноўныя ідэі Міжнароднага дня памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, заключаны ў падтрымцы і салідарнасці з супольнасцю людзей, закранутых праблемай ВІЧ-інфекцыі, у аб’яднанні і падтрымцы намаганняў дзяржаўных, грамадскіх і міжнародных арганізацый у супрацьдзеянні эпідэміі ВІЧ-інфекцыі.
У 2023 годзе Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу пройдзе 21 траўня пад лозунгам: «Распаўсюджвайце каханне і салідарнасць, а не ВІЧ», іншымі словамі «Дарыце каханне , а не ВІЧ». З мэтай прыцягнення ўвагі грамадства да праблемы ВІЧ-інфекцыі, у знак падтрымкі і салідарнасці ў гэты дзень арганізуюцца мерапрыемствы, у храмах праходзяць памінальныя богаслужэнні.
Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь сумесна з Офісам пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь, а таксама агенцтвамі ААН у Рэспубліцы Беларусь, у рамках правядзення Міжнароднага дня памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, у 2022 годзе на тэрыторыі Цэнтральнага Батанічнага сада адбылася закладка кветкавай клумбы ў форме стужкі – Міжнароднага сімвала барацьбы са СНІДам і ўстаноўлены памятны знак. У працяг традыцыі ў бягучым годзе будзе адноўлена кветкавая клумба і высаджаны расліны ў ствараемым “Японскім садзе”. Акрамя гэтага, плануецца добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі УАЗ “Гарадская клінічная інфекцыйная бальніца” г.Мінска (кансультацыйна-дыспансернае аддзяленне па ВІЧ-інфекцыі). Запрашаем усіх зацікаўленых і неабыякавых далучыцца да арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага Дня памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу.
Аддзел прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і ПВГ ГУ “Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”.