
Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, праводзіцца штогод у трэцюю нядзелю мая ў многіх краінах свету.
Гэты дзень быў пазначаны ў календары роўна 40 гадоў таму – у далёкім 1983 годзе. Тады ж людзі сталі прымацоўваць на адзенне чырвоную стужачку, каб выказаць сваю салідарнасць з людзьмі, закранутымі праблемай СНІДу і мерамі, накіраванымі на зніжэнне стыгмы і дыскрымінацыі ў адносінах да людзей, якія жывуць з ВІЧ. Гэтая стужачка стала міжнародным сімвалам барацьбы са СНІДам. У той час людзі мала ведалі пра ВІЧ-інфекцыю.
Шмат гадоў паміж вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) і смерцю стаяў знак роўнасці. Сёння, дзякуючы дасягненням сучаснай медыцыны, ВІЧ-інфекцыя стала хранічным захворваннем, якое паддаецца кантролю: антырэтравірусная тэрапія запавольвае развіццё ВІЧ-інфекцыі і дае людзям з ВІЧ магчымасць жыць паўнацэнным жыццём. На сённяшні дзень усе пацыенты з ВІЧ-інфекцыяй у нашай краіне атрымліваюць тэрапію бясплатна. Таму мы не гаворым “ахвяры”, у гэты дзень мы ўзгадваем людзей, якія памерлі ад СНІДу.
У Рэспубліцы Беларусь з дыягназам “ВІЧ-інфекцыя” пражываюць больш за 24 тысячы чалавек. Штогод у краіне рэгіструецца каля 2 тысяч новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Найбольшая колькасць новых выпадкаў у апошнія гады рэгіструецца сярод людзей ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў, пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ, які складае больш за 80%.
Сёння гучыць заклік да тэсціравання на ВІЧ. Важна разумець, што любы чалавек незалежна ад полу, сацыяльнага статусу, узроўню даходу і адукацыі з тых ці іншых прычын можа быць інфіцыраваны ВІЧ і доўгі час нават не здагадвацца пра гэта. Своечасовае выяўленне віруса дае магчымасць змагацца за якасць і працягласць жыцця кожнага асобна ўзятага чалавека.
З 2018 года ў Беларусі прадугледжаны ўніверсальны доступ пацыентаў да антырэтравіруснай тэрапіі (АРТ, АРВТ), гэта значыць дзяржава гарантуе прадастаўленне лячэння ВІЧ-інфекцыі ўсім людзям, якія жывуць з ВІЧ, незалежна ад стадыі хваробы і ўзроўню імунітэту. На сённяшні дзень у рэспубліцы 87,4 працэнта людзей, якія жывуць з ВІЧ, атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію, тым самым захоўваючы сваё здароўе і якасць жыцця. У краіне наладжана вытворчасць антырэтравірусных прэпаратаў, якая забяспечвае больш як 82 працэнты ад усіх назначаных цяпер схем лячэння.
Асноўныя ідэі Міжнароднага дня памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, заключаны ў падтрымцы і салідарнасці з супольнасцю людзей, закранутых праблемай ВІЧ-інфекцыі, у аб’яднанні і падтрымцы намаганняў дзяржаўных, грамадскіх і міжнародных арганізацый у супрацьдзеянні эпідэміі ВІЧ-інфекцыі.
Не забывайце аб тых, хто памёр, каго не змаглі зберагчы. Падтрымайце маральна людзей, якія жывуць з ВІЧ. Памятайце аб тым, што праблема ВІЧ-інфекцыі можа закрануць кожнага з нас.
Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі. Шляхі перадачы ВІЧ.
ВІЧ-інфекцыя – хранічнае медыкаментозна кіраванае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). У наш час цалкам выдаліць ВІЧ з арганізма нельга. У той жа час, дзякуючы сучасным метадам лячэння і дыягностыкі, магчыма, спыніць прагрэсаванне захворвання і не дапусціць развіццё тэрмінальнай стадыі.
Як перадаецца ВІЧ:
- Праз кроў: часцей за ўсё пры ін’екцыйным ужыванні наркотыкаў, але можа перадавацца таксама пры нанясенні татуіровак нестэрыльным інструментарыем па-за спецыялізаванымі ўстановамі.
- Падчас неабароненага сэксуальнага кантакту без выкарыстання прэзерватыва. Нават адзін палавы кантакт можа прывесці да інфіцыравання ВІЧ.
- Ад ВІЧ-інфікаванай маці дзіцяці падчас цяжарнасці, родаў і кармленні грудным малаком (пры адсутнасці лячэння ў маці).
Дзякуючы дасягненням сучаснай медыцыны такое захворванне, як ВІЧ-інфекцыя, больш не з’яўляецца смяротным.
Своечасова пачаўшы лячэнне антырэтравіруснымі прэпаратамі і прытрымліваючыся ўсіх указанняў лекара, людзі, якія жывуць з ВІЧ, могуць пражыць доўгае і паўнавартаснае жыццё, завесці сем’і, нарадзіць здаровых дзяцей. Якасць жыцця ВІЧ-пазітыўных людзей дзякуючы гэтым лекавым прэпаратам амаль нічым не адрозніваецца ад якасці жыцця людзей без ВІЧ.
Клінічная карціна захворвання не разаўецца, калі ВІЧ-пазітыўны чалавек:
- як мага раней даведаецца пра свой ВІЧ-статус;
- рэгулярна наведвае лекара-інфекцыяніста;
- праходзіць неабходныя абследаванні;
- атрымлівае антырэтравірусную тэрапію (АРТ);
- адказна ставіцца да прыёму лекавых прэпаратаў (не прапускае іх прыём, выконвае прызначаную схему лячэння), што дазваляе падчас лячэння дасягнуць невызначанай віруснай нагрузкі і спыніць перадачу ВІЧ іншым людзям.
Важна разумець, што нягледзячы на тое, што чалавек можа не з’яўляцца прадстаўніком груп падвышанай рызыкі інфікавання, ён па тых ці іншых прычынах можа быць інфікаваны ВІЧ і доўгі час нават не здагадвацца пра гэта. Своечасовае выяўленне віруса дае магчымасць змагацца за якасць і працягласць жыцця кожнага асобна ўзятага чалавека.
Папярэдзіць інфікаванне можна, выконваючы наступныя правілы:
- не ўжываць наркотыкі;
- захоўваць вернасць аднаму партнёру і пазбягаць выпадковых палавых кантактаў;
- карыстацца прэзерватывам;
- своечасова звяртацца па медыцынскую дапамогу ў выпадку запаленчых захворванняў рэпрадуктыўнай сістэмы і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам;
- інвазіўныя працэдуры (татуіроўкі, пірсінг і іншыя) праводзіць толькі ў спецыялізаваных установах;
- карыстацца толькі індывідуальнымі прадметамі асабістай гігіены (брытвы, ляза і манікюрнае прыладдзе і г.д.).
Кансультацыю па пытаннях ВІЧ/СНІД можна атрымаць у аддзеле прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Брэсцкага абласнога ЦГЭіГЗ або ў тэрытарыяльных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, арганізацыях аховы здароўя Брэсцкай вобласці.
- Тэлефанаваць у працоўныя дні (панядзелак – пятніца) з 8:00 да 17:00:
8 (0162) 53-06-59, 8 (0162) 58-94-54
Прайсці абследаванне на ВІЧ, у тым ліку ананімнае, можна ў любой арганізацыі аховы здароўя, якая мае працэдурны кабінет. У аптэках вобласці рэалізуюцца наборы для правядзення самастойнага экспрэс-аналізу на ВІЧ па сліне.
Будзьце пільныя і разважлівыя ў сваіх дзеяннях і ўчынках. Пры найменшых сумневах прайдзіце тэст на ВІЧ!