14 лістапада – Сусветны дзень барацьбы з цукровым дыябетам у 2026 годзе.
Тэма Сусветнага дня дыябету ў 2024-2026 гадах «Дыябет і дабрабыт» азначае зрушэнне фокусу з простага кантролю ўзроўню глюкозы ў крыві на якасць жыцця пацыента ў цэлым. Ідэя заключаецца ў тым, што пры ранняй дыягностыцы, адэкватным лячэнні і рэгулярным самакантролі, а таксама пры наяўнасці падтрымкі з боку медыцынскіх спецыялістаў і блізкага атачэння ў кожнага чалавека з дыябетам з’яўляецца магчымасць не проста выжываць, а жыць паўнавартасна і шчасліва.
Цукровы дыябет уваходзіць у тройку захворванняў, якія часцей за іншыя прыводзяць да цяжкіх праблем са здароўем. У Рэспубліцы Беларусь пад медыцынскім наглядам знаходзіцца больш за 407 тысяч пацыентаў з цукровым дыябетам, з якіх звыш 90% пакутуюць на дыябет 2-га тыпу (ЦД 2). Штогадовы прырост захваральнасці складае 5–8%. Прычынамі такой сітуацыі ў большасці выпадкаў з’яўляюцца фактары, звязаныя са спосабам жыцця чалавека.
Як выявіць схаваны цукровы дыябет?
Паколькі ЦД 2 тыпу можа не праяўляць сябе гадамі, асобам ва ўзросце 18-39 гадоў рэкамендуецца 1 раз на 3 гады вызначаць узровень глюкозы ў крыві, а тым, хто старэйшы за 40 гадоў або мае індэкс масы цела (ІМЦ) вышэй за 25 кг/м2, неабходна рабіць гэты аналіз не радзей, чым 1 раз на год.
Таму мэтай мерапрыемстваў гэтага дня здароўя з’яўляецца павышэнне дасведчанасці грамадства пра цукровы дыябет, ранняе выяўленне і магчымасці лячэння гэтага захворвання, яго наступствы і меры прафілактыкі.
Чым так небяспечны цукровы дыябет?
У нашым арганізме існуе гармон інсулін, які адказвае за дастаўку глюкозы ў клеткі арганізма, дзе гэты просты вуглявод расшчапляецца з утварэннем энергіі, за кошт якой мы і жывём: працуем, творым, радуемся, сумуем. Калі інсулін перастае выпрацоўвацца (цукровы дыябет 1 тыпу) або калі інсулін выпрацоўваецца ў дастатковай ці зніжанай колькасці, але клеткі не пазнаюць яго (зніжаецца адчувальнасць тканак да інсуліну – цукровы дыябет 2 тыпу), то ўзровень глюкозы ў крыві павышаецца. Гэта прыводзіць да парушэння ўсіх відаў абмену рэчываў (вугляводнага, тлушчавага, бялковага) з усімі вынікаючымі наступствамі, а таксама да дэфіцыту выпрацоўваемай энергіі.
Менавіта павышаны ўзровень глюкозы ў крыві лічыцца асноўным паказчыкам цукровага дыябету, наносячы непапраўную шкоду здароўю.
Аднак у сучасным свеце гэты дыягназ – не прысуд. Для лячэння захворвання выкарыстоўваюць штучны інсулін, які кампенсуе недахоп уласнага гармону. Акрамя таго, здаровы лад жыцця, дастатковая фізічная актыўнасць, правільнае харчаванне дапамогуць знізіць негатыўныя наступствы гэтага захворвання, палепшыць якасць жыцця.
Для таго, каб трымаць пад кантролем захворванне і жыць паўнавартасным жыццём неабходна прытрымлівацца асноўных рэкамендацый.
Кантралюйце сваю вагу.
З атлусценнем звязваюць высокую рызыку развіцця цукровага дыябету і гіпертанічнай хваробы. Акрамя таго, павелічэнне адноснай масы цела на кожныя 10% незалежна ад іншых фактараў павышае канцэнтрацыю халестэрыну ў плазме крыві на 0,3 ммоль/л, што павялічвае рызыку развіцця хвароб сэрца і сасудаў.
Вагу цела і, адпаведна, рызыку развіцця цукровага дыябету можна ацэньваць, выкарыстоўваючы наступныя паказчыкі:
- Індэкс масы цела (ІМЦ) – разлічваецца па формуле: ІМЦ= маса цела (кг) / (рост у м)2. У людзей з ІМЦ 27 – 29 кг/м2 рызыка захворвання на цукровы дыябет 2 тыпу ў 4-8 разоў вышэйшая, чым у асоб з ІМЦ 22-24 кг/м2. Пры ІМЦ > 31 кг/м2 рызыка развіцця цукровага дыябету 2 тыпу ўзрастае ў 40 разоў.
- Акружнасць таліі (вымяраецца сантыметровай стужкай пасярэдзіне паміж ніжнім краем рэбраў і верхнім краем тазавай косці): калі гэты паказчык большы за 80 см. у жанчын (80-88 см.) або 94 см. у мужчын (94-102 см.) – рызыка цукровага дыябету павышаецца. Пры акружнасці таліі больш за 88 у жанчын і больш за 102 см. у мужчын рызыка развіцця гэтага захворвання павышаецца значна.
- Суадносіны акружнасці таліі да акружнасці сцёгнаў: паказчык большы за 0,5, сведчыць аб назапашванні ўнутранага (вісцэральнага) тлушчу ў брушной поласці, які акружае ўнутраныя органы і павышае рызыку развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу і артэрыяльнай гіпертаніі (акружнасць сцёгнаў ацэньваецца па найбольш выступаючых кропках ягадзіц, стужка фіксуецца гарызантальна, ахопліваючы максімальны аб’ём).
Таму варта скіраваць усе намаганні на зніжэнне масы цела. Страта вагі ў межах 5-10% ад наяўнай прыводзіць да стабілізацыі артэрыяльнага ціску і дазваляе знізіць дазіроўку цукрозніжальных прэпаратаў. І наадварот, працяглае павелічэнне масы цела непазбежна прыводзіць да развіцця ўстойлівай гіпертэнзіі і да павелічэння дазіроўкі прэпаратаў.
Рэгулюйце рацыён харчавання.
Галоўны вораг пры цукровым дыябеце — гэта лёгкаўсваяльныя (хуткія) вугляводы. Яны імгненна ўсмоктваюцца ў кроў, выклікаючы рэзкі і небяспечны скачок узроўню глюкозы. Падстраўнікавая залоза ў гэты момант працуе на мяжы магчымасцяў, а нявыкарыстаная энергія хутка ператвараецца ў тлушч і ў халестэрын.
Што трэба цалкам выключыць або строга абмежаваць:
- салодкае і кандытарскія вырабы – цукар, цукеркі, шакалад, тарты, пірожныя і печыва;
- салодкія напоі – пакетаваныя сокі, газіроўкі, салодкі чай і кава, энергетыкі (памятайце, што цукар з напояў засвойваецца хутчэй!);
- белую выпечку – белы хлеб, булкі, батоны, вырабы са здобнага і слоенага цеста;
- прадукты з ачышчанага збожжа – манныя крупы, белы ачышчаны рыс, макароны з мяккіх гатункаў пшаніцы;
- некаторыя садавіна і сухафрукты – вінаград, бананы, хурма, інжыр, разынкі і фінікі – у іх шмат прыроднага цукру;
- фастфуды і паўфабрыкаты – чыпсы, бульба фры, соусы – у пакупным кетчупе і маянэзе вельмі шмат схаванага цукру.
Колькасць спажыванага тлушчу (жывёльныя і раслінныя – прыкладна пароўну) павінна складаць прыкладна 0,7 грама на 1 кг. нармальнай масы. Варта таксама абмежаваць соль да 5 г. і выпіваць не менш за 1,5 л. вады ў суткі.
Падтрымлівайце дастатковую фізічную актыўнасць
Для павышэння адчувальнасці тканак да інсуліну, прафілактыкі і лячэння цукровага дыябету 2 тыпу варта надаваць не менш за 10 гадзін на тыдзень любым відам рухальнай актыўнасці. Лепшымі з’яўляюцца фізічныя нагрузкі дынамічнага характару на вялікія групы мышцаў (хуткая хада, плаванне, язда на веласіпедзе, танцы і інш.).
Фізічныя нагрузкі не толькі павялічваюць расход энергіі і асноўны абмен, але і зніжаюць узровень глюкозы ў крыві пры цукровым дыябеце, таму што актыўна працуючая мышца валодае здольнасцю засвойваць глюкозу без інсуліну. Важнымі эфектамі фізічнай нагрузкі з’яўляюцца таксама паляпшэнне паказчыкаў згусальнасці крыві і зніжэнне рызыкі трамбаўтварэння, зніжэнне артэрыяльнага ціску за кошт пашырэння перыферычных сасудаў, паляпшэнне настрою.
Нетрэніраваныя асобы могуць пачынаць з 10 мін. у дзень, павялічваючы працягласць фізічнай нагрузкі да 60 мін 4-5 разоў на тыдзень.
Выконвайце рэжым сну і адпачынку.
Сон з’яўляецца жыццёвай патрэбай арганізма. Праведзеныя даследаванні паказалі, што недахоп сну (менш за 5 гадзін) прыводзіў хутчэй да павышэння масы цела і павялічваў рызыку развіцця цукровага дыябету 2 тыпу ў параўнанні з тымі, хто спаў 6-8 гадзін у суткі. Да парушэнняў сну адносяцца позняе засынанне або перарывісты сон.
Якасць сну можна праверыць вельмі проста: калі чалавек прачынаецца раніцай з пачуццём моцнага голаду або голад ноччу прымушае яго прачынацца і ісці на кухню, значыць, існуюць парушэнні сну.
Парушэнні сну неабходна карэктаваць, звяртаючыся да адпаведных спецыялістаў (неўролагаў або псіхатэрапеўтаў).
Акрамя таго, рэкамендуецца:
- адмовіцца ад курэння і празмернага ўжывання алкаголю;
- навучыцца спраўляцца са стрэсавымі сітуацыямі;
- прымаць лекавыя прэпараты строга па прызначэнні ўрача.
Памятайце, хваробу лягчэй прадухіліць, чым лячыць. Пакуль не адбылося парушэння абменных працэсаў, вы можаце лёгка самастойна справіцца з лішнімі кілаграмамі і змяніць свой лад жыцця на больш здаровы.