Розы д’ябла

На першы погляд можна падумаць, што гаворка пойдзе пра прыгожыя кветкі, аднак гэта не так… «Розай дьябла» ў Сярэднія вякі называлі псарыяз. Псарыятычныя бляшкі могуць мець мудрагелістую форму, ярка-чырвоны або ружовы колер, лускаватую паверхню, што здалёк можна прыняць за «кветку». Паколькі прычына псарыязу была невядомая, а ўзнікненне – непрадказальнае, людзей з такімі праявамі на скуры лічылі адзначанымі нячыстай сілай або ж абраннікамі.
Тэрмін «Псарыяз» паходзіць ад грэчаскіх слоў (psora) – сверб, кароста і (-iasis) – стан, працэс. Упершыню тэрмін быў уведзены яшчэ Гіпакратам для абазначэння любых скурных захворванняў, якія зудзяць. А ў 1841 годзе аўстрыйскі ўрач Фердынанд фон Гебра вылучыў псарыяз як асобнае захворванне. Раней лічылі, што псарыяз заразны, а людзей неабходна ізаляваць. Пасля працы Ф. Гебра міф пра «заразнасць» псарыязу быў развеяны.
Псарыяз (лускаваты лішай) – хранічнае неінфекцыйнае захворванне скуры. Захворванне характарызуецца перыядамі абастрэння і рэмісіі. Псарыяз можа ўзнікаць як у мужчын, так і ў жанчын. Часцей пакутуюць жанчыны. Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце на псарыяз хварэе каля 2-3% насельніцтва планеты.
Гісторыі вядомыя выбітныя дзеячы ў палітыцы, такія як Уінстан Чэрчыль, Іосіф Сталін. Першы доларавы мільярдэр Джон Ракфелер, пісьменнік Уладзімір Набокаў. Адны гатовы былі паставіць помнік з чыстага золата, іншыя — выплаціць прэмію, сума якой была роўная Нобелеўскай прэміі, за вынаходства лекаў ад псарыязу.
Многія сучасныя зоркі — Кім Кардаш’ян, Кара Дэлевінь, Сіндзі Лопер, Брытні Спірс — адкрыта гавораць пра свой досвед жыцця з псарыязам, метады барацьбы з абастрэннямі, удзельнічаюць у асветніцкіх кампаніях пра захворванне. У цяперашні час існуюць міжнародныя арганізацыі (IFPA, IPC), буйныя нацыянальныя фонды (NPF), якія дапамагаюць людзям з псарыязам і псарыятычным артрытам.
З Сярэдніх вякоў мала што змянілася ў разуменні прычыны захворвання, яна так і засталася невядомай. Аднак быў вызначаны шэраг фактараў, якія прадвызначаюць узнікненне псарыязу. Спадчынная схільнасць з’яўляецца адным з ключавых фактараў, тым не менш гэта не спараджае стопрацэнтнай гарантыі, што ў дзяцей узнікне дадзенае захворванне. Наступным не менш важным фактарам з’яўляецца наяўнасць ачагоў хранічнай інфекцыі. Асаблівая ўвага надаецца стрэсаваму фактару, паколькі стрэс можа не толькі прывесці да ўзнікнення захворвання, але і актыўна падтрымліваць запаленне ў скуры. Вылучаюць таксама эндакрынны фактар развіцця псарыязу. Гармоны, якія выдзяляюцца нашым арганізмам (эстрагены, гармоны шчытападобнай залозы, андрагены), аказваюць істотны ўплыў на правільнае дзяленне, рост і абменныя працэсы ўнутры клетак скуры. І калі маецца парушэнне ў працы эндакрыннай сістэмы, гэта таксама можа паўплываць на развіццё псарыязу.
Вилучаюць некалькі формаў псарыязу: вульгарны (звычайны), эксудатыўны, кропляпадобны, псарыятычная артрапатыя. Часам у пацыентаў з псарыязам адзначаецца сувязь абастрэння з пэўнай парой года. Так, калі абастрэнні здараюцца часцей за ўсё ў летні перыяд – летняя форма, у зімовы – зімовая, бываюць выпадкі, калі абастрэнні не залежаць ад пары года, такая форма называецца па-засезоннай.
Захворванне праяўляецца ўзнікненнем папул і бляшак рознага памеру на абсалютна любых участках цела. Бляшкі чотка адмежаваныя ад здаровай скуры, колер элементаў вар’іруецца ад бледна-ружовага да ярка-чырвонага. У цяжкіх выпадках захворвання бляшкі могуць злівацца паміж сабой, захапляючы вялікія ўчасткі скурнага покрыва, набываючы універсальнасць працэсу. Высыпанні суправаджаюцца свербам, выяўленым лушчэннем скуры, пры якім лускавінкі маюць характэрны сярэбраны колер. Высыпанні суправаджаюцца пачуццём сухасці і сцягнутасці. Калі бляшкі лакалізуюцца ў месцах натуральных згінаў (локці, калені, пальцы кісцяў), нярэдка прысутнічаюць скаргі на трэшчыны і боль.
Акрамя скуры, паражацца могуць ногці і суставы. Паражэнні ногцяў праяўляюцца ў выглядзе з’яў оніхалізісу (адыходжанне ўчастка ногця або нават усёй ногцевай пласціны ад ногцевага ложа), сімптому «напарстка», оніхадыстрафіі, «алейнай плямы». Пры паражэнні суставаў часцей за ўсё першымі непакояць пацыентаў суставы кісцяў, локцевыя і каленныя суставы, нярэдка пацыенты прад’яўляюць скаргі на дыскамфорт у галіне тазасцегнавых і плечавых суставаў. Скаргі на сустаўныя болі вельмі часта характэрныя для псарыятычнага артрыту. Дыягназ устанаўліваецца ўрачамі-рэўматолагамі пасля дадатковага даабследавання. Для псарыятычнага артрыту не характэрна сіметрычнасць працэсу.
Многія пацыенты лічаць, што для ўстанаўлення дыягназу «Псарыяз» неабходна здаваць мноства аналізаў. Аднак гэта не так. Самым важным для дыягностыкі псарыязу з’яўляюцца вочы ўрача. Для дасведчанага спецыяліста выставіць дыягназ «Псарыяз» не складае працы. Бываюць рэдкія выпадкі, калі дэрматолагі могуць сумнявацца ў правільнасці дыягназу, тады на дапамогу прыходзяць такія працэдуры, як дэрматаскапія і біяпсія скуры.
За час вывучэння псарыязу было распрацавана мноства тактык лячэння, як медыкаментозных, так і кансерватыўных. На дапамогу прыходзіць фізіятэрапеўтычнае лячэнне і санаторна-курортнае лячэнне. Для больш комплекснай тэрапіі да лячэння далучаюцца такія спецыялісты, як рэўматолагі, тэрапеўты, псіхатэрапеўты, нутрыцыёлагі.
Скура з праявамі псарыязу патрабуе да сябе асаблівага догляду. Вельмі важна разумець, што скура з псарыязам схільная да павышанай сухасці, а значыць, такія фактары, як жорсткая вада, сухое паветра, умовы надвор’я, выкарыстанне агрэсіўных ачышчальных касметычных сродкаў могуць прыводзіць да яшчэ большай сухасці скуры, утварэння мікратрэшчын, раздражненняў, што можа прывесці да чарговага абастрэння. Скуру неабходна ачышчаць мяккімі алеямі, гелямі без змяшчэння агрэсіўных ПАР. Пасля водных працэдур абавязкова трэба ўвільгатняць скуру эмоліентамі. Выкарыстоўваць шампуні з дзёгцем, нафталанавымі і расліннымі экстрактамі (чыстацел, чарада). Дадзеныя кампаненты змяншаюць лушчэнне і сверб, змякчаюць скуру і спрыяюць зняццю раздражнення.
Калі гаварыць пра самы сучасны і найбольш высокатэхналагічны метад лячэння псарыязу і псарыятычнага артрыту, то гэта адназначна генна-інжынерна-біялагічная тэрапія (ГІБТ). На працягу больш за паўстагоддзя навукоўцы ўсяго свету займаюцца вывучэннем і развіццём біятэхналогій. У 1975 годзе Жорж Кёлер (Германія) і Сесар Мільштэйн (Аргенціна) атрымалі Нобелеўскую прэмію за распрацоўку метаду атрымання манакланальных антыцелаў у лабараторыі. Гэта адкрыццё легла ў аснову стварэння біялагічных прэпаратаў.
29 кастрычніка – Сусветны дзень барацьбы з псарыязам. Асноўнай мэтай гэтага дня з’яўляецца павышэнне асвечанасці пра захворванне, падтрымка пацыентаў, якія пакутуюць на гэтае захворванне, фарміраванне прыхільнасці да лячэння і захавання рэкамендацый дэрматолага.

Выклік лекара на хату        8 (0162) 35-10-53